Самалёт Ан-26 з бартавым нумарам RA-26122, які належыць Камчацкаму авіяцыйнаму прадпрыемству, выконваючы рэгулярны рэйс Петрапаўлаўск-Камчацкі — Цілічыкі 2 жніўня мог сутыкнуцца з беспілотнікам. Пра гэта паведамляе РБК са спасылкай на авіякампанію.

Пасля прызямлення ў аэрапорце прызначэння супрацоўнікі наземных службаў знайшлі на планёры пашкоджанні. Пры гэтым экіпаж падчас палёту не зафіксаваў ні ўдараў, ні якіх-небудзь непаладак у працы тэхнікі. Першапачаткова спецыялісты дапусцілі, што прычынай інцыдэнту стала сутыкненне з птушкай.
Аднак камісія Камчацкага міжрэгіянальнага тэрытарыяльнага ўпраўлення Расавіяцыі па выніках праверкі выявіла: пашкоджанні маглі быць выкліканыя сутыкненнем з неапазнаным аб’ектам, хутчэй за ўсё, з беспілотным паветраным суднам. Хто менавіта кіраваў апаратам, высветліць не ўдалося. У авіякампаніі растлумачылі, што з улікам вышыні палёту каля 6 тыс. метраў інцыдэнт мог адбыцца падчас узлёту або заходу на пасадку. Пры гэтым у раёне аэрапортаў палёты дронаў катэгарычна забароненыя.
Адзначаецца, што няспраўнасць самалёта ўжо ліквідаваная, борт эксплуатуецца ў штатным рэжыме, пагрозы для бяспекі палётаў няма.
Паводле звестак крыніцы РБК, гэта першы зафіксаваны выпадак магчымага сутыкнення цывільнага паветранага судна з беспілотнікам у Расіі.
Раней пра здарэнне паведамляў тэлеграм-канал «Авиаторщина», які апублікаваў вытрымкі са справаздачы Расавіяцыі. У самой Расавіяцыі ад каментароў РБК адмовіліся.