У ноч на 18 верасня падраздзяленні Сіл спецыяльных аперацый Украіны нанеслі ўдар у нафтаперапрацоўчы завод, размешчаны ў Валгаградскай вобласці Расіі.

Паводле звестак украінскага боку, прадпрыемства адыгрывае ключавую ролю ў забяспечанні патрэбаў расійскіх узброеных сіл гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Валгаградскі НПЗ — найбуйнейшы вытворца нафтапрадуктаў у Паўднёвай федэральнай акрузе РФ. Яго гадавая магутнасць складае каля 15,7 млн тон перапрацоўкі нафты, што эквівалентна 5,6% ад агульнай перапрацоўкі ў Расіі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пасля ўдару праца НПЗ была спыненая.
Сілы спецыяльных аперацый падкрэслілі, што працягваюць наносіць асіметрычныя ўдары па аб’ектах інфраструктуры праціўніка з мэтай аслаблення яго ваеннага патэнцыялу і зрыву лагістыкі.
У адміністрацыі Валгаградскай вобласці пракаментавалі сітуацыю ў рэгіёне:
«Сёння ноччу сіламі СПА Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі адбітая масіраваная атака беспілотных лётных апаратаў на тэрыторыю Валгаградскай вобласці. У выніку падзення абломкаў БПЛА ў Чырвонаармейскім раёне Валгаграда выбітыя вокны і пашкоджаны дах у двух прыватных домаўладаннях. Пацярпелых няма».
У Мінабароны Расіі заявілі, што ноччу над тэрыторыяй Валгаградскай вобласці сілы СПА збілі 11 БПЛА.