Сустрэча Святланы і Сяргея Ціханоўскіх з беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку 24 верасня адзначылася скандалам, калі лідарка беларускіх дэмакратычных сіл пад ціскам мужа адмовілася сыходзіць з мерапрыемства на інтэрв'ю тэлеканалу CNN. На наступны дзень Сяргей Ціханоўскі апублікаваў у сваім тэлеграм-канале «адкрыты ліст беларусам з нагоды сітуацыі».

Экс-палітвязень заявіў, што вельмі паважліва ставіцца «да сваёй жонкі і да яе намаганняў» і робіць «усё, каб яна пра гэта ведала».
«Мая грубасць учора выяўлялася не столькі ў думках, колькі ў інтанацыі. Ведаю за сабой гэты грэх. Гэтая ж просталінейная інтанацыя была маім галоўным палітычным інструментам у 2020-м. Той факт, што я недасыпаю, хвалююся і ўзбуджаны, не апраўдвае маіх манер ва ўчорашняй сітуацыі на плошчы ў Нью-Ёрку», — напісаў Сяргей Ціханоўскі.
Ён адзначыў, што злаваўся на тое, што яго «спрабуюць выкарыстоўваць талісманам» і «не гавораць ні пра мэты, ні пра расклад сустрэч і інтэрв'ю», не цікавяцца яго меркаваннем.
«Я сапраўды хацеў паўтары гадзіны пабыць разам з беларусамі і Святланай. Пра інтэрв'ю на CNN мне сказалі за 20 хвілін да стрыму. Яно было неспадзяванай, нязначнай, а можа, і шкоднай у цяперашнім палітычным кантэксце падзеяй. Такое інтэрв'ю дакладна не трэба было прызначаць на той жа час, што і даўно запланаваную сустрэчу з дыяспарай. Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваннях з атачэннем Святланы. Гэта праблема. Я ўсведамляю, што мушу зрабіць гэта з мінімальнымі выдаткамі для нашай агульнай справы», — расказаў Сяргей Ціханоўскі.
Нагадаем, падчас сустрэчы з дыяспарай у Нью-Ёрку 24 верасня памочнікі паспрабавалі адвесці Святлану Ціханоўскую з мерапрыемства на інтэрв'ю тэлеканалу CNN. Сяргей выступіў рэзка супраць, заявіўшы, што ім «трэба пагаварыць з беларусамі, як запланавана, цягам гадзіны, і не сыходзіць адсюль на інтэрв'ю на CNN».
— Гэта не той канал, які патрэбны. Гэта ж не Fox News. Fox News — вось гэта канал, які глядзіць Дональд Трамп, і яму будзе прыемна ўбачыць Святлану Георгіеўну на Fox News і вызваліць нашых хлопцаў. А калі ён убачыць яе на CNN, то мне здаецца, што будзе адваротны эфект. Акрамя таго, у нас гэтая сустрэча задоўга была запланаваная, і я лічу, што непрыгожа, няправільна будзе кінуць беларусаў тут і пайсці на CNN, сябры. Гэта маё меркаванне, — сказаў Сяргей Ціханоўскі.
Ён таксама заявіў, што «гэта робіць усё вось грамадзянін Франак» (дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. — Заўв. рэд.).
— Яму трэба больш інтэрв'ю, больш івэнтаў і гэтак далей, — сказаў Ціханоўскі.
Пасля гэтага інтэрв'ю CNN было адмененае.