Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. В Березе женщина получила 10 суток за попытку пожаловаться Лукашенко на низкую пенсию — правозащитники
  2. Разгон выше трех или затяжное падение: каким будет курс доллара осенью? Прогноз по валютам
  3. «Свидетельствует о провале дипломатических усилий Москвы». МИД Украины — об итогах саммита ШОС
  4. «Просто бросал женщин в свою постель, даже не дожидаясь, пока они прошепчут „да“». Кем были внебрачные дети правителей Беларуси
  5. Приближенный к Лукашенко телеграм-канал показал девушек, которые наливают политику чай. «Зеркало» узнало, кто они
  6. ISW: Россия сосредотачивает «элитные» силы для штурма в Донецкой области
  7. С молотка продают коллекцию картин Виктора Бабарико на 344 тысячи рублей
  8. «Небо стало красным, как кровь». Рассказываем о самой мощной солнечной буре в истории и чем подобное грозит нам сегодня (катастрофой)
  9. «Остается на бумаге, а в кошельке — скорее иллюзия». С 1 сентября подняли некоторые пенсии, но у этой прибавки есть важный нюанс
  10. «Хватит уступок». Глава ЕК Урсула фон дер Ляйен и премьер-министр Польши Дональд Туск побывали на границе с Беларусью
  11. Более 136 рублей за килограмм. Беларусы «словили шок» от цены на самый обычный продукт
Чытаць па-беларуску


Ліза Ветрава

Згодна з данымі перапісу 2019 года, беларускую мову лічаць роднай амаль 5,1 млн чалавек (гэта 53% насельніцтва). Пры гэтым размаўляюць на ёй дома і ў паўсядзённым жыцці толькі каля 2,5 мільёна беларусаў (26%). Ці магчыма дабіцца роўнасці дзвюх моў? Пра гэта ў калонцы для «Люстэрка» разважае Ліза Ветрава.

Блогерка Лиза Ветрова, круглый снимок для колонки. Фото личный архив

Ліза Ветрава

Медыяэкспертка, блогерка

Кіраўніца аддзела камунікацый у грамадскай арганізацыі «Годна». Ужо пяць гадоў даследуе тэмы беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, моўных зрухаў і сацыяльных змен. Жыве ў эміграцыі з 2022 года.

Максім Гарэцкі пісаў, што ў беларусаў дзве душы. Я б да гэтага дадала: і адна стапрацэнтная падстава для сваркі — мова. Калі хочаш пасварыць беларусаў, запытайся пра мову. Для кагосьці беларуская — боль і любоў, для іншых — анекдот з савецкай перадачы.

Я расла ў трасянкамоўным асяроддзі. Школа была беларускамоўная, але тэлевізар — рускамоўны. У ліцэі ў Мінску пачаліся першыя жартачкі з майго вымаўлення слова «фэрум» — маўляў, «ферум» трэба. Сяброўкі затыкалі рот у грамадскіх месцах: «Мы ж у горадзе, а ты як з вёскі размаўляеш». А я і была з вёскі і не здавалася: кожны чацвер у нашым інтэрнацкім пакоі быў не толькі рыбны, але і беларускамоўны дзень.

Аднак з часам прыйшло разуменне: няма дзе вучыцца па-беларуску. Няма вышэйшай адукацыі, кніг, прафесійных асяродкаў, дзе беларуская была б натуральнай і зручнай. І гэта была мая асабістая трагедыя. Беларуская мова для мяне заўсёды была не школьным прадметам, а часткай маёй ідэнтычнасці. Але сістэма зрабіла ўсё, каб яна стала выключэннем, а не нормай.

Цяпер я дарослая і ў эміграцыі, мовай маёй паўсядзённасці застаецца беларуская. Але ці магчыма такое ж адчуванне ў Беларусі?

«Мяркую, шмат каго расчарую, але нават у такую „моўную гармонію“ ў Беларусі я не веру. Ні цяпер, ні ў бліжэйшыя гадоў дзесяць»

Ці магчыма зрабіць так, каб у Беларусі ў моўным пытанні працэнты падзяліліся прынамсі 50 на 50? Каб хаця б палова беларусак і беларусаў у краіне Беларусь карысталіся беларускай мовай — я назаву гэта «моўная гармонія», калі мы ў 50% выпадкаў размаўляем на сваёй мове. І тут, мяркую, шмат каго расчарую, але нават у такую «моўную гармонію» ў Беларусі я не веру. Ні цяпер, ні ў бліжэйшыя гадоў дзесяць.

І прычына тут не толькі ў рэжыме. Нават калі заўтра зменіцца ўлада, мы не прачнёмся ў краіне, дзе ўсе размаўляюць па-беларуску. Не таму, што людзі дрэнныя. А таму, што руская мова — гэта інфраструктура. Гэта мова дзяржаўных паслуг, юрыдычнай дакументацыі, аптэк, лекараў, падручнікаў і, што самае важнае, штодзённага жыцця людзей.

Я лічу, што з 2020 года беларуская мова перажыла адраджэнне. Яна стала сінонімам супраціву, гонару, еднасці. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе мова стала спосабам паказаць, што беларусы не расіяне. У 2024-м, па маіх уласных назіраннях, цікавасць да нацыянальнага пачала згасаць. Людзі стаміліся. І зноў вяртаюцца да спажывання рускамоўнага кантэнту, да канцэртаў расійскіх артыстаў, бо «іншых няма». У Беларусі табе не прапануюць інакш — расійская ідзе па змоўчванні. Яна — як вада з-пад крана: зручная, даступная, усюды.

Па адчуваннях, беларускамоўных беларусаў стала больш. Але ўсё яшчэ:

  • 91% школьнікаў навучаюцца на рускай мове;
  • 74% насельніцтва дома гаворыць па-руску;
  • толькі 12,5% кніг, выдадзеных у Беларусі ў 2024 годзе, былі па-беларуску;
  • вышэйшую адукацыю па-беларуску атрымаць немагчыма.

А цяпер дадаю тое, пра што мала хто гаворыць: нават людзі, адкрытыя да беларускай, на 70% працягваюць спажываць расійскую культуру. І не таму, што яны дрэнныя. А таму, што няма выбару. У Беларусі няма беларускамоўнага Netflix. Няма інфлюенсераў-мільённікаў, якія гавораць з табой па-беларуску. У краіне, дзе піраміда Маслоў у многіх не закрытая на першым ярусе — есці б нешта, выжыць бы, — разважанні пра моўную роўнасць выглядаюць прывілеем.

«Нават калі палітычная сітуацыя зменіцца, мы сутыкнёмся з супрацівам. Бо грамадства выхавана ў расійскім наратыве»

Магчыма, трэба перастаць трымацца за ідэю «раўнавагі». Бо калі ты ў нулявой кропцы, а хтосьці — у дзевяностай, то раўнавага — гэта не 50 на 50. Імкнуцца да яе цяпер — гэта ўсё адно што спрабаваць зладзіць фігурнае катанне на танку. Беларуская мова сёння не канкурыруе з рускай. Яна спрабуе выжыць побач з ёй. У краіне, дзе людзі, якія хочуць гаварыць роднай мовай, мусяць апраўдвацца.

Пакуль беларуская не стане зручнай, яна не будзе выбарам большасці. І пакуль яна не дае рэальных магчымасцей — кар’ерных, акадэмічных, медыйных, — яна не стане будучыняй. Ніякія ўказы зверху не дапамогуць, калі няма інстытуцый, грошай, платформаў. Калі няма жыцця ў мове.

Нават калі палітычная сітуацыя зменіцца, мы сутыкнёмся з супрацівам. Бо грамадства выхавана ў расійскім наратыве. Праз культуру, адукацыю, гісторыю. І калі новая ўлада будзе дзейнічаць метадамі забарон — вынік будзе адваротны. Нам не патрэбная прымусовая беларусізацыя, нам трэба ўкладанне ў прывабнасць. Каб мова не была гераічнай ахвярай, а стала надзейнай партнёркай, якую хочацца браць з сабой у жыццё.

Як я бачу магчымыя механізмы такой беларусізацыі? Трэба даваць людзям выбар, робячы беларускую мову больш выгоднай. Напрыклад, зрабіць падатковыя зніжкі прыватным бізнесам, якія вядуць дакументацыю і публічную камунікацыю па-беларуску. Знізіць балы па іспытах для тых, хто абірае беларускамоўную сярэднюю і вышэйшую адукацыю, — гэта спакусіць бацькоў аддаваць дзяцей і ў беларускамоўныя школы. Рабіць ільготы івэнтам і фэстам у Беларусі, калі яны адбываюцца па-беларуску. Рабіць зніжкі рэкламным агенцтвам за рэкламу на роднай мове. Спачатку гэта будзе выгодна, а праз некалькі гадоў мы звыкнем, і беларуская паступова пяройдзе ў норму. Чым больш людзей карыстаецца беларускай, тым прасцей нам будзе патлумачыць таму ж Netflix, навошта нам беларуская агучка. І гэта толькі дробныя прыклады, з якіх можа складацца спроба да прынамсі раўнавагі.

А ці магчыма перавага беларускай мовы над рускай у Беларусі? Пры ўмове, калі Расія рэзка знікне з Зямлі, то верагодна. У астатніх выпадках нават у моўную раўнавагу ў бліжэйшы час у Беларусі я не веру. Аднак гэта не значыць, што немагчыма. І таму я працягну размаўляць па-беларуску, бо зараз гэта не пытанне пра гармонію. Гэта — пра шанец на будучыню.

З гэтай нагоды пішу гэтыя тэксты для «Люстэрка», бо хачу, каб вы часам глядзелі на свет праз беларускія словы. Бо калі ўжо і губляць нешта — то не мову. Максім Гарэцкі пісаў, што ў беларусаў дзве душы. Я б да гэтага дадала: і адна стапрацэнтная падстава верыць у незалежную будучыню сваёй краіны — беларуская мова.

Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.