На прэс-канферэнцыі адразу пасля вызвалення Сяргей Ціханоўскі заяўляў, што не плануе ўмешвацца ў дзейнасць Офіса лідаркі дэмсіл. Але на сустрэчы з беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку ён фактычна зрабіў гэта, прымусіўшы Святлану адмовіцца ад інтэрв'ю тэлеканалу CNN і застацца на сустрэчы з беларускай дыяспарай. «Люстэрка» спытала Ціханоўскага, ці змянілася ягоная пазіцыя, аднак адказаў на свае пытанні мы не атрымалі — праз тое, што ў Сяргея шчыльны графік і няма часу. Вось таймлайн нашых спробаў атрымаць каментар.

25 верасня ў 10.30 паводле мінскага часу «Люстэрка» даслала прэс-сакратару Сяргея Ціханоўскага пытанні, на якія, на нашую думку, грамадства хацела б атрымаць адказы. Гучалі яны так:
На прэс-канферэнцыі пасля вызвалення вы сказалі, што «плануеце не лезці ў дзейнасць Офіса. Лідарка — Святлана Ціханоўская, я не збіраюся ні на што прэтэндаваць».
Падчас сустрэчы з беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку вы фактычна прымусілі Святлану адмяніць інтэрв'ю CNN, казалі, што ёй лепш даць інтэрв'ю Fox News, бо гэта спадабаецца Трампу, назвалі [яе] дарадцу Франка Вячорку «грамадзянінам, якому патрэбныя інтэрв'ю і івэнты».
У сувязі з гэтым «Люстэрка» просіць адказаць на наступныя пытанні:
1. Вы змянілі сваё меркаванне?
2. Ці не лічыце вы, што вашыя паводзіны — гаварыць жонцы, што яна мусіць рабіць, — былі аўтарытарнымі і патрыярхальнымі?
3. У сацсетках абмяркоўваюць ваш эфір, і некаторыя каментатары лічаць, што план Лукашэнкі пра тое, каб вашае вызваленне пасеяла разлад у Офісе, пачынае ажыццяўляцца. Пракаментуйце.
4. У якія справы і пытанні дзейнасці Офіса вы яшчэ ўмешваецеся?
5. Як адрэагавала Святлана на вашыя паводзіны? Ці была ў вас асабістая размова пра гэта пасля стрыму?
Праз амаль дзве гадзіны, у 12.12, у тэлеграм-канале «Краіна для жыцця» з’явіўся адкрыты ліст Сяргея Ціханоўскага да беларусаў з нагоды сітуацыі ў Нью-Ёрку. У ім ён прызнаў, што дзейнічаў груба, але патлумачыў гэта стомленасцю і няведаннем графіку Святланы. Таксама ён заявіў, што яго спрабуюць выкарыстоўваць «як талісман» і не цікавяцца яго меркаваннем. А таксама адзначыў, што яны часта разыходзяцца ў меркаваннях з атачэннем Ціханоўскай. Паводле яго, інтэрв'ю CNN, на якое спяшалася Святлана, «нязначнае, а можа, і шкоднае ў цяперашнім палітычным кантэксце».
На пытанні «Люстэрка» ў адкрытым лісце ён не адказаў. У 16.21 мы атрымалі наступнае паведамленне ад прэс-службы Ціханоўскага:
— Сяргей Ціханоўскі цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку, дзе бярэ ўдзел у мерапрыемствах. У яго вельмі шчыльны графік: сустрэчы, выступы, потым адразу ўвечары пералёт у Портлэнд, а пасля — у Сан-Дыега. У такіх умовах у яго проста няма магчымасці аператыўна рэагаваць на любыя пытанні па-за павесткай паездкі.
Ад імені прэс-службы можам падкрэсліць: Сяргей кахае сваю жонку, і іх адносіны застаюцца моцнымі і цёплымі. На гэтым усе каментары вычарпаныя. Сяргей ужо апублікаваў свой адкрыты ліст, дзе выказаў усё, што хацеў сказаць па тэме. Да яго дадаваць няма чаго.
Мы не будзем падаграваць дыскусію ці адказваць на інтэрпрэтацыі. Просім паважаць пазіцыю Сяргея і яго графік.
Чытайце таксама